Кіраванне аўтамабілем у Паўднёвай Карэі
Даследаваць востраў Чэджу ў Паўднёвай Карэі значна зручней аўтамабілем. Дзялюся досведам.


- Нельга паварочваць налева на зялёны! Большасць святлафораў чатырохсекцыйныя, з абавязковай стрэлкай налева. Калі гарыць стрэлка, перашкод няма. Гэта зручна: менш думаеш пра арганізацыю руху, менш імавернасць памыліцца.
Як у нас паварочваць налева на зялёны, саступаючы сустрэчнаму руху, можна толькі калі побач са святлафорам ёсць такі знак:

- Можна паварочваць направа на чырвоны, саступаючы ўсім, як у ЗША. Праз пару дзён прывыкаеш і кайфуеш, асабліва на пустых вуліцах.
Рэдка на святлафоры трапляецца асобная стрэлка направа, тады трэба чакаць яе. Знак кажа, што паварот направа на чырвоны забаронены:

- На буйных дарогах заўсёды ёсць асобная паласа для павароту налева, таму ехаць у левым шэрагу камфортна:

- Часам перад скрыжаваннем няма святлафора, толькі за ім. Гэта нязвыкла. Выязджаючы на скрыжаванне, мозг лічыць, што яно нерэгуляванае, а святлафор насамрэч ёсць. Але такое рэдкасць.
- У Карэі стрэлка, намаляваная на асфальце, толькі паказвае магчымасць, але не абмяжоўвае іншыя дзеянні. Забароненыя дзеянні яны паказваюць асобнай перакрэсленай стрэлкай.
Да гэтай сістэмы я прывык, але яна нязручная: паказваць толькі дазволеныя напрамкі значна больш відавочна.

- Да чаго я не прывык, дык гэта да прыярытэту на скрыжаваннях без святлафораў і знакаў. У такіх выпадках прыярытэт у таго, хто прыехаў першым, або ў таго, у каго дарога большая. І толькі пры іншых роўных умовах трэба саступаць перашкодзе справа.
- У гарадах і побач са славутасцямі шмат платных парковак. Каштуюць 1-2 $, але часта даюць бясплатныя 10-30 хвілін.
Платна нават каля супермаркета, але калі адсканаваць чэк з пакупкамі ад 10 $, будзе бясплатна:

Бясплатна 30 хв., потым 10 хв. — 1000 вон. Пакупка ад 10000 вон — 2 гадзіны бясплатна. Унізе свабодныя месцы.
Побач з платнай паркоўкай часта ёсць бясплатная альтэрнатыва. Напрыклад, гэтая паркоўка дзеліцца на платную і бясплатную часткі. Нам давялося заплаціць за няўважлівасць:

- Кіраванне спакойнае, хуткасць абмежаваная 50-70 км/г. На практыцы на вялікіх дарогах людзі ездзяць хутчэй, тармозячы перад камерамі. Шмат школьных зон з абмежаваннем 30, там часта стаяць камеры, і ўсе строга выконваюць абмежаванне.
- Google Maps не працуе для навігацыі. Больш за ўсё спадабаўся Naver. Ён папярэджвае пра камеры, у тым ліку пра камеры сярэдняй хуткасці, і сам яе лічыць. Ёсць падтрымка CarPlay:
- Электразарадкі паўсюль, таму можна смела браць электрамабіль. На невялікім востраве поўнага зараду хопіць надоўга. Мы бралі Kia Niro ў Lotte rent-a-car. Разам з машынай даюць пластыкавую картку для электразарадак з неабмежаваным карыстаннем.
Калі машына зараджаецца, файна паказваецца працэнт зараду:

Дарожныя знакі складаныя з частак. Магчыма, каб было танней змяніць частку, не перарабляючы ўвесь знак:

За куплю машыны не белага колеру ўладальніка адпраўляюць у Паўночную Карэю:

16‒26 верасня 2023